На такіх людзях, як Уладзімір Колас, трымаецца беларуская адукацыя і культура. Лідэр беларускай творчай інтэлігенцыі, кінарэжысэр, пэдагог. Чалавек з багатай біяграфіяй, доўгім сьпісам заслугаў і зьдзяйсьненьняў. Але галоўная яго заслуга - сотні таленавітых выпускнікоў Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа.
Хто ж яны, выпуснікі Коласа? Сотні цікавых людзей. Былы кандыдат на прэзыдэнта Алесь Міхалевіч, журналістка Адэля Дубавец, галоўны рэдактар "Эўрарадыё" Віталь Зыблюк, літаратар Сяргей Сматрычэнка, . Выпускнікі ліцэю жывуць і працуюць на ўсіх кантынэнтах плянэты, апрача Антарктыды. Некаторыя вярнуліся ў ліцэй, працуюць як выкладнікі.
Для мяне Уладзімір Колас - найперш дырэктар Ліцэю. Жорсткі, але справядлівы. Спрачацца зь ім складана, часам бессэнсоўна. Патрабавальны. Але эфэктыўны. Колас паставіў ліцэй на рэйкі. Гэта я прыйшоў у ліцэй зь беларускай сям'і, а для многіх гэта быў новы нязьведаны сьвет - свабоды, сяброўства, Беларушчыны. Як капітан карабля, Колас задаваў ліцэю кірунак, і мы плылі. І нават у непагадзь-навальніцу, калі ліцэй трапіў пад абстрэл лукашэнкаўскай сыстэмы, Колас ня здаўся, трымаў абарону разам з намі, ліцэістамі, бацькамі і выкладнікамі. Вось ужо 8 год Коласаўскі ліцэй у падпольлі.
Колас - выдатны рэжысэр. Я ўдзельнічаў у некалькіх спэктаклях пад яго кіраўніцтвам, паводле Мальера, Ануя. Зь вядомых прычынаў да конкурсу нас не дапускалі, але заўжды бралі "прыз глядацкіх сымпатыяў". Колас паставіў геніяльны спэктакаль "Народны Альбом" паводле п'есы Міхала Анемпадыстава.
Колас ініцыятываў і правёў Бізнэс-тыдзень у Беларусі, калі ў Менск прыехалі амэрыканскія бізнэсоўцы і вучылі нас асновам прадпрымальніцтва. Зьняў кранальны дакумэнтальны фільм "Галерэя Ады" пра Аду Райчонак, жанчыну, якая, прарываючы закасьцянелую сыстэму, сродкамі мастацтва спрабуе разварушыць вёску. Фільм ацанілі ў сьвеце, узнагароджаны шэрагам узнагародаў у розных частках сьвету.
Напісаў кнігу "Лёс ліцэя" пра стварэньне, станаўленьне і жыцьцё alma mater.
Пасьлядоўны палітык. Вылучаўся на выбарах у Парлямэнт (калі можна яго так назваць), правёў выдатную кампанію. Колас стварыў і ўзначаліў Беларускую раду інтэлігенцыі. Падчас выбарчай кампаніі 2010 г. прыклаў усе намаганьні дзеля вылучэньня адзінага кандыдата ад апазыцыі.
Ад імя сяброў і ліцэістаў сардэчна віншую з 60-годзьдзем! Зычу аптымізму, моцы дзеля новых перамогаў, натхненьня ў жыцьці і працы. Зычу, каб у гэтыя сьветлыя дні Вас атачалі блізкія людзі!
Пра Уладзіміра Коласа: http://www.novychas.org/person/уладзімір-к
Колас Уладзімір. Ліноўка каля зачыненага ліцэя. У будынку ліцэя ўжо суд
Адміністрацыя ліцэю з Каляднай зоркай.
Ліцэісты з выкладнікамі ў Вільні
Старое інтэрвію з Коласам :

Comments
Памятаю, як мы з Алай Гардиенкай яе ляпілі :)